Вось дык неспадзяванка! Шукалі мы пад Смаргонню старасвецкую сядзібу, а выявілі незнарок невядомае інжынернае збудаванне. Пасярод ракі, трапіць да якой у гэтым месцы можна толькі па закінутай палявой дарозе, выстраіліся ў рад грунтоўныя бетонныя “быкі”. Нават дасціпныя смаргонскія краязнаўцы толькі чулі пра тое, што захаваліся на Віліі рэшткі маста, па якім, быццам, праходзіла раней вузкакалейная чыгунка, але на свае вочы яго не бачылі. Каму ж у непрагляднай глухамані мог спатрэбіцца такі ўнушальны, мяркуючы нават па сённяшнім выглядзе, стратэгічны аб’ект?